САКРАТАРЫЯ́Т ААН,

адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які дзейнічае пастаянна згодна са Статутам ААН. Асн. функцыя С. ААНарганізац.-адм. абслугоўванне органаў структуры ААН, яе камітэтаў, канферэнцый. Выконвае адм.-тэхн. функцыі ААН, у прыватнасці, рыхтуе некат. матэрыялы; перакладае, друкуе і распаўсюджвае даклады, рэзалюцыі і інш. дакументы ААН; забяспечвае вусны пераклад прамоў, якія гаворацца на пасяджэннях гал. органаў ААН і іх дапаможных органаў; складае, друкуе і рассылае стэнаграфічныя і кароткія справаздачы пасяджэнняў; захоўвае дакументы ААН у архівах; рассылае ўсе дакументы Генеральнай Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН і інш. членам ААН і выконвае інш. работу, якая можа быць ускладзена на яго гал. органамі ААН. С. ААН складаецца з Генеральнага сакратара ААН і прызначанага ім персаналу ў адпаведнасці з правіламі, якія ўстанаўліваюцца Ген. Асамблеяй. У апошні час агульная колькасць персаналу С. ААН складала больш як 50 тыс. чалавек з 175 краін. Знаходзіцца ў Нью-Йорку.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)